Jun 16, 2014

Радно

Слова тэкст першапачаткова азначае тканіну. Але тэкстам цяпер называецца ўсякае праяўленьне мовы. Параўнаньне мовы з тканінай, а паэзіі - з ткацкай справай зьяўляецца ў Ведах. Яно мае такую даўніну, што магчыма, гэта, наадварот, якраз тканіна і кросны ўзьніклі ў выніку параўнаньня з мовай.

Тканіна вырабляецца на кроснах, на якіх нацягнута аснова тканіны, рады прадоўжных нітак. Адны зь іх апушчаныя, а другія ўзьнятыя. Празь іх прадзяецца чаўнок з утком, папярочнай ніткай, а затым узьнятыя і апушчаныя ніткі мяняюцца месцамі, прыціскаючы новую нітку да рэшты тканіны.

Калі уток мае іншы квет, утвараецца ўзор. Выдзяленьне вобразу дасягаецца прыцісканьнем адных нітак долу, у асноведзь, і пад'ёмам іншых угору, у выяву. Такім чынам, уточная нітка заўсёды запаўняе або пакідае пустымі ячэйкі мярэжы асновы. І кожны радок тканіны адрозьніваецца тым, якія ніткі пайшлі ў асноведзь, а якія ў вобраз.

Тэкст складаецца з радоў нітак, і таму завецца радном. Які б вобраз не ствараўся радном, ён заўсёды будзе складацца зь перасячэньняў утка і асновы, утварацца запаўненьнем мярэжы. Цуд радна ў тым, што і ўток, і аснова маюць адну прыроду - прыроду нітак. І калі мы нешта называем тэкстам, трэба зайсьці мярэжу, уток і аснову.

Пры вымаўленьні гуку дых праходзіць праз горла і рот. Сьцісканьне глоткі дае гуку якасьць звонкасьці, а разьняволеньне - глухасьці. Змыканьне роту робіць яго зычным, а размыканьне - галосным. Дых зьяўляецца тут уточнай ніткай, што прадзяецца праз аснову высілкаў маўленьня. Кожны сказ насамрэч утварае радно, тканіну мовы, дзе гукі розьняцца толькі тым, якія высілкі пайшлі ў асноведзь, а якія - ў вобраз. Вершаваны памер, што ўтвараецца рытмам і рыфмай, у такім разе сапраўды ўтварае паўторны фанэтычны ўзор на тканіне мовы.

Знак зрокавай мовы, пісьма, таксама ўяўляе сабой мярэжу, адны часткі якой запаўняюцца рысамі, а другія зыходзяць у асноведзь і здаюцца пустымі. На пачатку ўсякага пісьма стаіць мярэжа знаку, найменшая частка радна, дзе перасякаецца ўток і аснова. Нацыянальные пісьмо - гэта пісьмо, заснаванае на ўласнай мярэжы знаку. Такое пісьмо інтуітыўна пазнаецца сваім ужо на ўзроўні спосабу фармаваньня знакаў.

Узоры Свадзеі бачаць змысел як радно, тканіну, што ўтвараецца мярэжай сямі падзей (чыну, дачыну, сродку, прычыны, вычыну, месца, асобы). Пры раскрыцьці мярэжы кожны раз адны падзеі зыходзяць у асноведзь, а іншыя ўтвараюць вобраз. Такім чынам расьце і пакрываецца ўзорамі мнагамерная тканіна змыслу. 




здымак узяты з сайту skarbnica.by

No comments:

Post a Comment